ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.

А.М.Кулагін.

Жамыслаўская сядзіба. З малюнка Н.Орды.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)